Гарадзенскія курсы “Мова нанова”, што прайшлі 31 сакавіка ў старажытным будынку кірхі, мелі назву “Вясна. Каханне. Заляцанні”.
Размова на занятках ішла пра так званы “лексікон кахання”. Адбыўся таксама практыкум па заляцаннях. А складальнікаў вершаў пра каханне ўзнагародзілі невялічкімі прызамі. Гэтыя вершы любы з жыхароў Горадні мог даслаць на спецыяльную старонку ў фэйсбуку.
Пра асаблівасці занятку расказаў адзін з арганізатараў, кіраўнік цэнтра “Трэці сектар” Вітаўт Руднік:
— З самой назвы тэмы вынікае, што гэты занятак арыентаваны найперш на тых, хто кахае, шануе гэтае пачуццё, хоча больш пра гэта даведацца: як па-беларуску прызнавацца ў каханні, спяваць беларускія песні і гэтак далей. Занятак, на маю думку, вельмі лёгкі, моладзевы. Тут вельмі шмат конкурсаў, загадак, таксама правялі невялічкі песенны конкурс. Я спадзяюся, што такія пазнавальныя, вясёлыя, эмацыйныя тэмы будуць і далей закранацца на нашых курсах і прыцягваць новых і новых людзей.
Нечаканасцю для прысутных стаў невялікі канцэрт гарадзенскага акцёра і барда Віктара Шалкевіча. “Гарадоцкі раманс” саступіў месца “Каханай з Ваўкавыска”, а песня пра мінскі часопіс “Архэ” рымэйкам на іспанскую “Кукарачу” — песні пра двух пацукоў.
Спадар Віктар сказаў кампаніі “Будзьма беларусамі!”:
— На маю думку, такія сустрэчы — гэта выдумлянне ровара. У мяне цяжкія і дваістыя ўражанні. Ну, братцы, мне смешна, калі ў Мінску, сталіцы Беларусі, ладзяцца курсы беларускай мовы. Тое самае і тут, у Горадні. Гэта чарговая спроба рэанімаваць грамадства. Я думаю, грамадства не дурное — само прачнецца. Павінныя быць носьбіты гэтай мовы. Гэта ўсё расклеіцца, ці людзі перастануць хадзіць, ці прыйдуць тыя, хто захоча гэта ўсё палітызаваць.
Наступнай тэмай сустрэчы стануць птушкі, і пра іх раскажа вядомы арнітолаг Зміцер Вінчэўскі.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі