Лавачкі
Не памятаю такога, каб калі-небудзь бацька адмовіў у дапамозе нашаму суседу дзядулю Апанасу, калі той звяртаўся да яго з такой нагоды. Бывала гэта не так ужо і часта. Звычайна стары сам, як мог, як умеў, спраўляўся са сваімі цяжкасцямі ды патрэбамі, нягледзячы ні на гады ні на хваробу, якая ўбілася яму ў ногі і вымушала яго час ад часу піць нейкія лекі ці проста сядзець у двары ці на вуліцы. Але і ў такія моманты дзядуля Апанас не падаваў выгляду, што ён цяжка пакутуе з-за балячкі, якая які ўжо год яму надакучвала.
І ў двары, і на вуліцы ў суседа, як у, бадай, усіх жыхароў нашай вёсачкі, стаяла па лаўцы. Бывала, яшчэ адна лаўка магла быць укапаная недзе ў двары. А часам шырокую, зграбную такую лаву выносілі за непатрэбнасцю з хаты ды ставілі ці да цёплай бярвеннай сцяны, ці да нейкага дрэва ў садзе.
У дзеда Апанаса лаўка стаяла недалёка ад ганка, ад якога яе аддзяляў такі ж стары, як сам гаспадар, куст язміну. Нягледзячы на ўзрост, ён штогод разрастаўся ўшыркі, пускаючы ўпартыя расткі ва ўсе бакі: і каля ўшчэнт разваленых цагляных прыступак, і каля лаўкі. Кожную вясну стары браў сякеру і са словамі: "Ты ж мне прабач, але тут маё месца, а тваё там, дзе ты расцеш, дзе я цябе пасадзіў," – высякаў тыя парасткі, заганяючы лязо сякеры далёка ў глебу, каб дастаць яшчэ і карэнне.
Лаўка на вуліцы і блізка не ведала, як гэта – зарастаць хаця б травой. Бо акрамя дзядулі яе амаль бесперапынна выкарыстоўвала ці для звычайных пасядзелак, ці для нейкіх гульняў ды забаў вясковая моладзь. Можа, яшчэ таму, што дзядулька Апанас ніколі іх не пужаў, не праганяў, нават ноччу. Як казаў сам: "А мне дык і падабаецца іх шчабятанне. І засынаць мне, старому, дужа добра, як пад калыханку нейкую". Хутчэй за ўсё, гэта было таму, што ён вельмі любіў дзяцей і што сваё жыццё збольшага правёў у адзіноце.
І вось – на табе – гэтая самая лаўка зламалася. Рассыпаліся ў парахню калодкі, ды і дошка ад часу струхнела так, што нават паверхня дзе-нідзе правальвалася шчылінамі і дзіркамі. Справа, на першы погляд, нескладаная, але ж гэта не штыкеціну ў плоце прыбіць, ды і матэрыялу такога наўрад ці ў дзядулевым двары можна было б знайсці.
Не адкладваючы справу, падвячоркам наступнага дня дзядуля Апанас, кульгаючы і цяжка абапіраючыся на кіёк, датэпаў да нашага двара.
Доўга пытаўся пра здароўе, пра справы гаспадарчыя, гутарка зайшла нават пра калгасныя навіны. І толькі пасля дзядулька звярнуўся да бацькі:
– Лаўка ў мяне, ведаеш… А мне ж бывала пасядзець на ёй… паесці не дай… Той-сёй пройдзе, словам перакінешся, глядзі, і час не так марудна цягнецца… Ці не знойдзеш хвілінку?..
Мо праз гадзны тры ўсё ж дзядулька выйшаў з хаты. А лаўка – вось яна! Навюткая, я на яе толькі паспеў прысесці.
Спачатку стары абыходзіў лаўку, разглядаючы яе з усіх бакоў, і толькі пасля ўсеўся, некалькі разоў прыхіліўся да плота: ці зручна, ці тая адлегласць. Здаецца, спадабалася яму ўсё.
– А ведаеш, – нарэшце з удзячнасцю прамовіў ён, – ёсць у мяне яшчэ справа невялічкая. Мо для цябе і дробязь. Хадзем у двор… І яшчэ вось, што я падумаў… Хадзем, хадзем… сонца, глядзі, вунь яшчэ дзе…
Уладзімір ЦВІРКА
А ў бацькі справа неадкладная, будаўніком ён быў, на наступны дзень зранку на падводах аж да Дужага Поля па лес будаўнічы ехаць трэба. Не адкласці. І ён прапанаваў суседу, што такую неадкладную працу зробіць яго сын, гэта значыць, я. Паглядзеўшы на мяне недаверлівым вокам, дзед трохі збянтэжана пачаў пра тое, што можна і адкласці, што спяшацца некуды, ці атрымаецца ў хлопца. На што бацька цвёрда адказаў, што сын зробіць, як належыць, а калі не – перарабіць мусіць будзе. На тым і разышліся.
На наступны дзень, паснедаўшы, я ўзяў вялізную, шырокую, добра адгабляваную дошку і накіраваўся ў двор суседа. Следам адну за другой закаціў тоўстыя дубовыя калоды. Яны пайшлі б на дровы, але бацька выкаціў з агульнай кучы такіх жа калодак і сказаў коратка: "Іх Апанасу, і глядзі, каб як вучыў".
Дзядулька не лез пад рукі, нават не сачыў збоку, а галоўнае – не кідаў парады, як малому, што трэба рабіць і як. Пасядзеўшы трохі на лаўцы ў двары, надоўга сышоў у хату і, адкрыўшы акно ля ложка, мабыць, прылёг. Верагодна, у той дзень, як ніколі, старому прыхапіла ногі. Бо як гэта – не цікавіцца, што тут робіцца на вуліцы, як тут абыходзіцца з яго лаўкай малеча? Такому было толькі падзівіцца. Значыць… дрэнна яму… ды так, што не цікавіла яго гэтая самая лаўка.